НАВАГРУ́ДСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1507—1795. Утворана ў студз. 1507 з цэнтрам у Навагрудку. Напачатку тэр. ваяводства фактычна адпавядала тэр. Навагрудскага павета. З 1565 складалася з паветаў: Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага. Пл. 36 920 км2, нас. ў сярэдзіне 17 ст. 375 тыс. чал. (62 400 дымоў). На тэр. ваяводства 9 гарадоў і мястэчак мелі магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль, Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Н.в. ўтвораны Сталовіцкі пав. з цэнтрам у мяст. Сталовічы, Ваўкавыскі пав. адышоў да Гродзенскага ваяв. Усх. частка Навагрудскага пав. ўвайшла ў Мінскую губ. Рас. імперыі. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Н.в. далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Слонімскую губ. 2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр. Зах. Беларусі ў 1921—39. Утворана паводле закона (Палажэння) ад 4.2.1921. Пл. 22 966,2 км2, нас. 822 106 чал. (1921), 1 057 200 чал. (1931). Падзялялася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі; Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі (з 1929). У 1921 у Н.в. было палякаў 54%, беларусаў 37,8; праваслаўных 51,2, католікаў 39,4%. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у снеж. 1939 у межах Н.в. створана Баранавіцкая вобл.

М.П.Гайба.

т. 11, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)